Дастаўкай цела беларуса, які загінуў у Турцыі, займаецца генконсульства
Фота загінулага турыста з сацсетак
Пытанне з дастаўкай на радзіму цела беларуса, які загінуў у Турцыі, вырашае генеральнае консульства нашай дзяржавы ў Стамбуле. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык.
"З учорашняга дня наша генеральнае консульства ў Стамбуле займаецца гэтым пытаннем у кантакце з турэцкімі ўладамі, з жонкай загінулага. Зараз вырашаецца пытанне з дастаўкай на радзіму цела загінулага. Натуральна, мы будзем самым уважлівым чынам сачыць за ходам і вынікамі расследавання", — падкрэсліў дыпламат.
Як паведамляла Еўрарадыё, 28-гадовы турыст з Брэста Віктар Галадко загінуў у адным з турэцкіх гатэляў. Мужчына памёр ад нажавых раненняў, якія нанёс яму афіцыянт.
Паведамлялася, быццам мужчына з'явіўся ў бар пасля закрыцця і хацеў, каб яго абслужылі. Адмова афіцыянта, нібыта, прывяла да бойкі, падчас якой беларус атрымаў нажавыя раненні. Медыкі не змаглі выратаваць нашага суайчынніка.
Праваахоўнікі затрымалі падазраванага ў забойстве.