На пажары ў Пружанах выратавалі шэсць чалавек
Фота: mchs.gov.by
Каля 4-й гадзіны раніцы 20 верасня пружанскія ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у жылым чатырохкватэрным шлакабетонным доме. Там гарэла кватэра, якая належыць 80-гадоваму пенсіянеру.
На месцы здарэння супрацоўнікі МНС пабачылі, што дах дома і веранда кватэры гараць адкрытым полымем. Праз акно палаючай кватэры яны выратавалі гаспадара, яго 76-гадовую жонку і 48-гадовага сына.
З суседняй кватэры работнікі МНС выратавалі 32-гадовую гаспадыню і дваіх яе малалетніх дзяцей — пяцігадовага хлопчыка і аднагадовую дзяўчынку.
Яшчэ ў дзвюх кватэрах дома ніхто не пражывае.
Лекары хуткай дапамогі агледзелі выратаваных і выявілі, што шпіталізацыя ім не патрэбная.
Мяркуецца, што прычынай пажару магла стаць неасцярожнасць пры курэнні сына гаспадара кватэры, якая загарэлася.