У цэнтры Пінска ўгналі экскаватар
Фота: media-polesye.by
На пешаходнай вуліцы Леніна ў цэнтры Пінска невядомы мужчына ўгнаў экскаватар. Здарэнне адбылося 17 верасня на тым участку вуліцы, дзе вядзецца рэканструкцыя, піша media-polesye.by.
Невядомы ўгоншчык адкрыў замок на дзвярах экскаватара "Е-170W" і паехаў на ім. Угнаную будмашыну знайшлі непадалёк літаральна праз 10 хвілін. Ён быў у тэхнічна спраўным стане.
Начальнік Пінскага міжрайаддзела Следчага камітэта Дзмітрый Ліра паведаміў, што праваахоўнікі пачалі крымінальную справу за ўгон.
Прэс-служба УДАІ Брэсцкага аблвыканкама паведаміла, быццам угоншчыка затрымалі. Гэта 42-гадовы жыхар Пінска, які быў у нецвярозым стане.
Аднак прадстаўнік Следчага камітэта абверг гэтыя звесткі. Па словах Дзмітрыя Ліры, угоншчыка зафіксавалі камеры відэаназірання, яго асоба высвятляецца.
За ўгон аўтратранспарту мужчыну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.