Школьнікаў, што атруціліся ў санаторыі, перавялі з рэанімацыі ў звычайныя палаты
Фота: tut.by
Пяцярых хлопчыкаў, якія атруціліся вадкасцю для барацьбы з вошамі, перавялі з рэанімацыі Гомельскай абласной лякарні ў звычайныя палаты. Цяпер іх жыццю нічога не пагражае, піша tut.by.
Па словах загадчыцы дзіцячага гастраэнтэралагічнага аддзялення Гомельскай абласной лякарні Ларысы Хмылко, лекары чакаюць іх бацькоў, каб абмеркаваць выпіску дзяцей з аддзялення.
Здарэнне са школьнікамі з вёскі Званец Рагачоўскага раёна адбылося 14 верасня. Яны прыехалі ў санаторый "Срэбраныя ключы" Салігорскага раёна і чымстці атруціліся. Паводле ўдакладненых звестак, дзецям было ад сямі да 12 гадоў.
Хлопчыкаў шпіталізавалі ў раённую лякарню. Двух з іх у цяжкім стане на рэанімабілях даставілі ў Гомель. Пазней туды ж перавезлі і астатніх пацярпелых дзяцей.
Школьнікі распавялі, што пілі невядомую вадкасць. Як выявілася пазней, хутчэй за ўсё гэта была чамярычная настоўка — сродак для барацьбы з вошамі. Па словах бабулі аднаго са школьнікаў, ён выцягнуў бутэльку з гэтай настойкай з бабулінай шафы. Акрамя 67% этылавага спірту ў настойцы змяшчаюцца смяротныя алкалоіды. Для чалавека яна смяротна небяспечная. Дзяцей удалося выратаваць дзякуючы таму, што педагогі санаторыя пачалі прамываць ім страўнікі яшчэ да прыезду дактароў.