На Віцебшчыне на мель села яхта з нарвежцамі
06.09.2017 10:14
—
Разное
Фота: mchs.gov.by
Увечары 5 верасня ратавальнікі Дубровенскага раёна Віцебшчыны атрымалі паведамленне, што на мель на Дняпры села яхта. Здарэнне адбылося каля вёскі Бурая, удакладняе прэс-служба МНС.
Карабель сеў на мель за 10 м ад берага. На борце яхты, якая належыць грамадзяніну Нарвегіі, былі тры мужчыны — усе грамадзяне Нарвегіі. Адзін з іх гаворыць па-руску, таму ўдалося паразумецца.
Нарвежцы распавялі, што плывуць па Дняпры ад Смаленска ў Турцыю, праз Беларусь, Украіну і Чорнае мора.
Падарожнікі адмовіліся ад прапанаванай ежы, адзення і месца начлегу: яны паведамілі, што маюць усе неабходныя ўмовы і прадукты харчавання.
Яхту было вырашана здымаць з плыткага месца ў светлы час сутак.