Не сядзіце дома: афіша мерапрыемстваў Мінскай вобласці
Фестываль душэўнай музыкі, спаборніцтвы па водна-маторнаму спорту і абрад «Жыцень», а таксама іншыя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы Мінскай вобласці — у аглядзе МЛЫН.BY.
Адчуць сябе гаспадаром (Мінскі раён)
Хлеб — святыня нашага народа, таму раней пачатак і заканчэнне ўборкі зерневых урачыста адзначаліся не толькі сельскай грамадой, але і кожнай сям’ёй. Заўтра ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту — абрадавае мерапрыемства «Жыцень» (з 14.00 да 16.00).
Наведвальнікі пазнаёмяцца з традыцыямі, звязанымі з уборкай ураджаю, пачуюць жніўныя і летнія песні, традыцыйныя найгрышы на музычных інструментах. У праграме таксама — майстар-класы па вязанні снапа, уборцы ўраджаю сярпом, забава «Выгнанне мух», частаванне гасцей традыцыйным караваем і гарбатай. Можна будзе набыць сувеніры ад народных майстроў і наведаць «Беларускую карчму».
Якiя ў Радзімы вочы? (Слуцкi раён)
У фiлiяле «Галерэя мастацтваў iмя У.С.Садзiна» Слуцкага краязнаўчага музея на працягу жнiўня можна пазнаёміцца з выставай жывапiсу з фондаў музея пад назвай «Блакітныя вочы Радзімы».
У экспазiцыi прадстаўлены 44 жывапiсныя палотны, выкананыя ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта, абстракцыi. У вiтрынах экспануюцца дакументы, фатаграфii, граматы, iншыя матэрыялы мастакоў.
Калі душа спявае (Маладзечанскі раён)
Аграгарадок Беразінскае (20 км ад Маладзечна) запрашае на традыцыйны фестываль духоўнай музыкі Laudato Si', які адбудзецца 12−13 жніўня. Як і летась, першы дзень будзе адведзены для конкурсаў і забаў, другі - для ўрачыстага гала-канцэрта.
Гасцям-музыкантам забяспечаць начлег і харчаванне. «Будзем вельмі рады бачыць прадстаўнікоў любога музычныга стылю і накірунку, любога ўзросту і ў любой колькасці. Праваслаўны, католік ці пратэстант — не мае значэння, мы хочам сустрэцца ўсе разам, каб славіць Бога, знаёміцца і вучыцца адзін у аднаго чамусьці новаму,» — падкрэслiваюць арганізатары фестывалю.
Гонкі па вадасховішчы (Салігорскі раён)
12−13 жніўня ў Салігорску будзе праходзіць трэці заключны этап чэмпіянату Беларусі па водна-маторнаму спорту з удзелам больш як 30 спартсменаў з Брэста, Гомеля, Заслаўя, Мінска і Рэчыцы, а таксама Расіі і Украіны (адкрыццё у 11 гадзін).
ГА «Беларуская федэрацыя водна-маторнага спорту» і арганізацыйная структура ДТСААФ Мінска і Мінскай вобласці пры падтрымцы Салігорскага раённага выканаўчага камітэта запрашаюць усіх аматараў гонак на акваторыю Салігорскага вадасховішча з боку вуліц Набярэжнай і Леніна.
Вы бачылі Русалку? (Вілейскі раён)
На гарадскім пляжы Вілейскага вадасховішча заўтра ўпершыню праводзіцца «Юшка-фэст» — мерапрыемства ў рамках праекта Еўрасаюза «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», на якое выдзелелі каля 26 тысяч долараў. Пачнецца фестываль, а 12-й гадзіне, а скончыцца, як абяцаюць арганізатары, бліжэй да ночы.
Настрой будуць ствараць музычныя і танцавальныя гурты, аніматары, пройдуць спартыўныя гульні і конкурсы, вогненнае шоу, гала-канцэрт творчага конкурсу «Вілейская хваля». Будзе арганізавана выстава вырабаў арт-лабараторыі «Добрыя рэчы» і іншых рамеснікаў Вілейшчыны, фестываль фарбаў «Холі», паказальныя выступленні членаў клуба «Патрыёт», майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе. І самае галоўнае — госці свята будуць мець магчымасць пагрузіцца ў ваду з прафесійны вадалазамі, а таксама паўдзельнічаць у конкурсе русалак і прыгатаванні юшкі.