У Мінску прарвала трубу з гарачай вадой, струмень біў у кватэры 4-га паверху
Кадр з відэа
Ахвярамі надзвычайнага здарэння на вуліцы Ясеніна ў Мінску 8 жніўня сталі жыхары некалькіх кватэраў. Каля 13-й гадзіны бліз дзявятага пад'езда дома №131 прарвала трубу. Струмень гарачай вады з-пад зямлі пад напорам лінуў у вокны кватэраў трэцяга і чацвёртага паверхаў. Вада заліла некалькі кватэраў, майстры ЖЭУ склалі дэфектныя акты.
Ва ўнітарным прадпрыемстве "Мінсккамунцепласетка" агенцтву "Мінск-Навіны" паведамілі, што з нагоды здарэння будзе праводзіцца расследаванне, каб высветліць вінаватых.
Намеснік дырэктара па агульных пытаннях УП "Мінсккамунцепласетка" Дзмітрый Міронаў кажа, што камунальнікі разам з "Мінскэнерга" праводзілі выпрабаванні сетак, у выніку чаго і адбыўся прарыў трубы. Спецыяліст кажа, што прарывы трубы падчас выпрабавання цепласетак не рэдкасць, але каб праз гэта пацярпелі кватэры — з'ява выключная.