Гродзенская міліцыя знайшла чалавека, які абстраляў тралейбус і аўтазапраўку
Фота: uvd.grodno.by
Гродзенскія міліцыянты знайшлі чалавека, якога падазраваюць у абстрэле тралейбуса і аўтазапраўкі з пнеўматычнай зброі, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Здарэнне, як перадавала Еўрарадыё, адбылося ў ноч на 28 ліпеня. Невядомыя абстралялі тралейбус, у якім былі кіроўца і восем пасажыраў.
Па гарачых слядах міліцыянты не змаглі выявіць зламыснікаў. Для іх пошуку праваахоўнікі размясцілі інфармацыю ў інтэрнэце. Праз нейкі час у міліцыю звярнуўся гродзенец з інфармацыяй, якой было дастаткова, каб выйсці на след падазраванага.
У хуліганстве падазраюць 22-гадовага гродзенца. Разам з двума прыяцелямі ён катаўся па горадзе на машыне бацькі без задняга дзяржнумару. За рулём аўто сядзеў сябар, а сам малады чалавек быў нецвярозы. Ён дастаў з бардачка газавы ТТ, прызначаны для страляніны металічнымі шарыкамі. З гэтага пісталета хлопец абстраляў тралейбус і аўтазапраўку. Як пазней выявілася, мішэнямі ён выбраў таксама некалькі ліхтароў і бігбордаў.
пабачыўшы ў інтэрнэце, што яго шукае міліцыя, малады чалавек выкінуў пісталет у Нёман, а машыну аддаў у рамонт. Аднак гэтыя меры аказаліся недастатковымі — .
міліцыя яго ўсё ж знайшла.
На хлопца пачалі крымінальную справу за хуліганства. Малады чалавек знаходзіцца ў следчым ізалятары.