У возеры ў Смаргоні патануў 11-гадовы хлопчык, які плаваў на пенапласце
Фота: БЕЛТА
27 ліпеня каля 15.30 смаргонскія ратавальнікі атрымалі сігнал, што ў гарадскім возеры пры купанні патануў 11-гадовы хлопчык. Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, хлопчыка знайшлі ў 16.09 супрацоўнікі ОСВОДа на глыбіні 2,5 метра і на аддаленні 20 метраў ад берага.
У каментары сайту kraj.by старшы следчы Смаргонскага райаддзела Следчага камітэта Аляксандр Радзевіч распавёў, што шасцікласнік прыехаў на ровары, каб пакупацца ў папулярным сярод смаргонцаў вадаёме.
"Хлопцы бачылі, як хлопчык плаваў у вадзе на лісце пенапласту паміж берагам і дамбай — прыкладна ў чатырох метрах ад берага і ў 10 — ад дамбы. У нейкі момант пенапласт выслізнуў з-пад дзіцяці, ён некалькі разоў узмахнуў рукамі і схаваўся пад вадой", — паведаміў следчы.
Адзін з хлопчыкаў, якія былі на беразе, пабег і паведаміў пра здарэнне дарослым. Нейкі мужчына адразу нырнуў у ваду і пачаў шукаць дзіця, але не знайшоў. Пасля гэтага ён затэлефанаваў ратавальнікам і ў міліцыю.
Следчы падкрэслівае, што загінулы быў адзіным дзіцем у паспяховай сям'і, добра вучыўся ў гімназіі і займаўся ў секцыі самба.