ДДТ вязе ў Мінск новую праграму "Гісторыя гуку"

Фота: федеральныеновости.рф
Крыху больш за год таму Юрый Шаўчук распавёў, што працуе над музычным экскурсам у доўгую і прадуктыўную гісторыю ДДТ. Гурт быў створаны ў раннія 80-я, і яшчэ да распаду СССР паспеў запісаць 7 альбомаў. Каб сабраць "Гісторыю гуку", Шаўчук адклаў падрыхтоўку новага матэрыялу. Што атрымалася — беларусы змогуць убачыць і пачуць 15 лістапада ў "Мінск-Арэне".
Назва канцэрту сімвалічная: у праграме сабраныя песні з розных эпох, пачынаючы 1980-мі і заканчваючы сучаснасцю. Увесь гэты час гучанне ДДТ змянялася: ад прымітыўнага гітарнага року да лірычных баладаў, ад жорсткага саўнду "Мира номер ноль" да эксперыментаў з электронікай, ад рытм-энд-блюзу да industrial. Гучанне было розным, але галоўнае заставалася ў ДДТ нязменным: любоў да чалавека, які жыве ў найноўшыя часы, у часы пераменаў.