Два мінчукі пашкодзілі шэсць надмагільных помнікаў у Крупскім раёне
Фота: uvd-mo.gov.by
22 ліпеня ў міліцыю звярнулася жыхарка аграгарадка Стараселле Крупскага раёна. Жанчына паведаміла, што на мясцовых могілках адбыўся акт вандалізму.
Аператыўнікі па гарачых слядах знайшлі падазраваных. Гэта былі раней не судзімыя 21-гадовы і 22-гадовы мінчукі, паведамляе прэс-служба УУС Мінаблвыканкама.
Па версіі міліцыі, хлопцы напрэдадні прыехалі ў госці да сваіх бабуляў у Крупскі раён. Потым яны сустрэліся і вырашылі адзначыць свой прыезд, у тым ліку выпіўкай. Калі алкаголь скончыўся, юнакі пайшлі да прыяцеля на суседнюю ферму, дзе працягвалі выпіваць.
Аднак і той выпіўкі ім было мала. Калі спіртное скончылася, сталічныя госці пайшлі на бліжэйшыя могілкі, каб пашукаць выпіўку там. Аднак чаканні не спраўдзіліся.
На могілках з невядомай прычыны (якую яны не могуць узгадаць і самі) маладыя людзі пачалі разбураць помнікі. Сума прычыненай шкоды складае каля 1000 рублёў.
На юнакоў пачалі крымінальную справу за злоснае хуліганства. Ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.