Віноўнікамі двух ДТЗ пад Мінскам сталі лосі
![Віноўнікамі двух ДТЗ пад Мінскам сталі лосі](http://www.21.by/pub/news/2017/07/1499595398104039.jpg)
Ілюстратыўнае фота: stena.ee
За мінулыя суткі пад Мінскам адбылося два ДТЗ, віноўнікамі якіх сталі лосі. Абедзве аварыі здарыліся позна ўвечары 8 ліпеня, калі ўжо было цёмна. Прыкладна ў 22.30 на 18-м кіламетры трасы Р1 Мінск-Дзяржынск “Фольксваген-Пасат” збіў лася, які раптоўна выбег на дарогу. 28-гадовая пасажырка машыны шпіталізаваная з сур’ёзнымі траўмамі. Жывёла загінула.
У той жа вечар на трасе М2 Мінск-Нацыянальны аэрапорт каля гандлёвага прадпрыемства “Віталюр” здарылася такая ж самая аварыя: лася на дарозе збіла “Мазда”. Людзі не пацярпелі, а вось машына моцна пабітая. Жывёла таксама загінула.
Кіроўцы часта паведамлялі ў ДАІ, што бачылі лосяў на дарогах у ваколіцах Мінска. Дзяржаўтаінспекцыя просіць аўтамабілістаў выбіраць мінімальныя хуткасці і быць гранічна ўважлівымі, асабліва ў цёмны час сутак, перадае БЕЛТА.