У чацвер амаль па ўсёй Беларусі чакаюцца навальніцы
Фота: БЕЛТА
У чацвер, 29 чэрвеня, амаль па ўсёй Беларусі чакаюцца навальніцы. У асобных раёнах прагназуюцца моцныя залевы, град, шквалістае ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў за секунду. Як піша ў Facebook Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, сіноптыкі аб’явілі на заўтра аранжавы ўзровень небяспекі.
У чацвер уначы тэмпература паветра складзе ад 14 да 20 градусаў цяпла (у сталіцы — ад +16 да +18), удзень яна дасягне +30-+34 градусаў, а на поўдні — +36 (у Мінску — +30-+32). Цёплае паветра прыходзіць у нашу краіну з паўднёвага захаду Еўропы. У Мінску чакаюцца дажджы.
У пятніцу, 30 чэрвеня, кароткачасовыя дажджы магчымыя амаль па ўсёй Беларусі, у асобных раёнах — моцныя дажджы і навальніцы. Вецер будзе з парывамі да 15-20 метраў за секунду. У начныя гадзіны чакаецца ад +16 да +22 градусаў, у дзённыя гадзіны — да 21-28 градусаў цяпла, у Гомельскай вобласці — да 29-32 градусаў.
У суботу, 1 ліпеня, уначы дажджы магчымыя толькі ў асобных раёнах, удзень — практычна па ўсёй краіне. Як і ў папярэднія дні, магчымае ўзмацненне ветру да 15-20 метраў за секунду. У начныя гадзіны тэмпература паветра складзе 13-19 градусаў са знакам плюс, удзень яна дасягне 19-26 градусаў, на Гомельшчыне — да +28.
У нядзелю, 2 ліпеня, умовы надвор’я будуць такія ж. Удзень па ўсёй Беларусі прагназуюцца дажджы, месцамі — навальніцы. Уначы тэмпература паветра складзе ад +12 да +19, удзень — ад +18 да +25, у Гомельскай вобласці — да +27 градусаў.