У Маладзечанскім раёне пяцігадовы хлопчык задыхнуўся пад вечкам куфра
Фота: sk.gov.by
У Маладзечанскім раёне пяцігадовы хлопчык задыхнуўся пад вечкам куфра, якое звалілася на яго. Пра гэты трагічны выпадак распавяла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, перадае БЕЛТА.
Інцыдэнт адбыўся 18 чэрвеня ў адной з вёсак Маладзечанскага раёна. Хлопчык літаральна на пяць хвілін знік з поля зроку бацькоў. Гуляючы ў двары, ён вырашыў зазірнуць у драўляны куфар. Дзіця падняло вечка памерам 1,5 м на 1,8 м, і тое яго прыціснула так, што хлопчык не змог дыхаць. Выратаваць яго не ўдалося.
Дарэчы, у гэты ж дзень у Пастаўскі РАУС паступіла паведамленне пра чатырохгадовую дзяўчынку, якую даставілі ў цэнтральную раённую лякарню з апёкамі кіпнем 1-2-й ступеняў (плошча апёку — 15%). Бацькі папрасілі суседку паглядзець за дзіцем. Але падчас купання дзяўчынка выпадкова перакуліла вядро з гарачай вадой і абварылася.
Яшчэ адзін выпадак з дзіцем здарыўся 19 чэрвеня ў Гродне. Мама выкаціла з пад'езда на вуліцу вазок з сынам і пакінула на пляцоўцы перад уваходам. Сама жанчына гэтым часам вярнулася ў пад'езд па рэчы. З-за невялікага ўхілу дарогі вазок пакаціўся і перакуліўся. Хлопчык выпаў з вазка і атрымаў траўмы. На шчасце, яго жыццю нічога не пагражае.
Па гэтых фактах праводзіцца праверка.