У Пінску кранаўшчык упаў з крана-пагрузчыка
Фота: МНС
У Пінску кранаўшчык упаў з крана-лесапагрузчыка і атрымаў пашкоджанні. Як паведамляе прэс-служба Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС, здарэнне адбылося сёння раніцай. Выклік паступіў да выратавальнікаў у 8.49. Паводле інфармацыі з месца інцыдэнту, на тэрыторыі аднаго з мясцовых прадпрыемстваў работнік упаў на пляцоўку партальнага крана-лесапагрузчыка вежавага тыпу КБ-572 на ўзроўні 10 метраў. Работнікі хуткай праводзілі яго агляд, а выратавальнікаў выклікалі для дапамогі ў спуску пацярпелага.
Гэта мужчына 1962 года нараджэння. Яго даставілі ў Пінскую раённую лякарню з рознымі пашкоджаннямі. Стан пацярпелага цяжкі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына спускаўся з крана па лесвіцы і калі быў на ўзроўні 15 метраў ад зямлі, адчуў сябе блага. З-за гэтага ён упаў на пераходную пляцоўку.