Пад Барысавам УАЗ урэзаўся ў калону байкераў
Фота: VK.com
Пад Барысавам УАЗ урэзаўся ў калону байкераў. Здарэнне адбылося ўвечары 16 чэрвеня на 434-м кіламетры аўтатрасы М1 каля развязкі Барысаў-Беразіно. У выніку аварыі сама меней чатыры матацыклісты атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці, паведамляюць сведкі ў суполцы ВКонтакте “Типичный Борисов”.
Паводле звестак БЕЛТА, трое з іх атрымалі цяжкія траўмы і былі дастаўленыя ў рэанімацыйнае аддзяленне бліжэйшай лякарні. На месцы аварыі працавала аператыўна-следчая група. Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюцца, вядзецца апытанне сведкаў.
Па некаторых звестках, адзін УАЗ цягнуў на жорсткай счэпцы іншы. У нейкі момант яны пачалі перастраенне у суседнюю паласу, па якой рухаліся сем матацыклістаў. Трое з іх паспелі праехаць, аднак чатыры не змаглі размінуцца і пазбегнуць сутыкнення.