Жанчына, якая спрабавала падпаліць сябе ў Гомелі, знаходзіцца ў рэанімацыі

Фота: УУС Гомельскага аблвыканкама
Супрацоўніца прадпрыемства “Камінтэрн”, якая раніцай 9 чэрвеня спрабавала сябе падпаліць на прахадной, знаходзіцца ў рэанімацыі апёкавага аддзялення гомельскай лякарні. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прыёмным аддзяленні.
Нядаўна ў 55-цігадовай прыбіральшчыцы завода памёр муж. Яна зарабляла каля 400 рублёў, працавала на “Камінтэрне” больш за 10 гадоў. Але ў яе маглі быць праблемы з афармленнем пенсіі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў адзін з супрацоўнікаў фабрыкі, Аляксандр.
Аляксандр: “Былі праблемы з выхадам на пенсію, наконт налічэння пенсіі. Да таго, як працаваць на фабрыцы ў нас, яна працавала ў Расіі, у Карэліі. Трэба было ёй, відаць, ехаць туды, бо нейкія дакументы не маглі адправіць”.
Гендырэктар “Камінтэрна” Пётр Афончанка раней даў станоўчую характарыстыку работніцы. Паводле яго слоў, у яе быў “годны заробак” і ўсе ўмовы для працы.