У Мінску затрымалі 30-гадовага мужчыну, якога падазраюць у згвалтаваннях
Здымак з архіву. Фота: Fotolia
У Мінску затрымалі 30-гадовага мужчыну, якога падазраюць у здзяйсненні двух згвалтаванняў. Сярод пацярпелых — 23-гадовая жыхарка Віцебска, якая прыехала ў сталіцу для здачы сесіі ва ўніверсітэце. Уначы яна вярталася з гандлёвага цэнтра на здымную кватэру па вуліцы Прытыцкага. Зламыснік сачыў за ёй з крамы, ён напаў на яе ў пад’ездзе дома, ударыў у жывот, зняў з дзяўчыны вопратку і згвалціў. Пацярпелая звярнулася ў міліцыю і назвала прыкметы гвалтаўніка.
Ужо раніцай міліцыянеры пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення “Алмаз” затрымалі падазраванага па месцы жыхарства. У яго адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле “Згвалтаванне” (ч. 2 арт. 166 КК). Мужчыне пагражае да 13 гадоў пазбаўлення волі. Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца Фрунзенскага РУУС Мінска Наталля Аскірка, праваахоўнікі ўстанавілі дачыненне затрыманага да здзяйснення згвалтавання ў лютым 2017-га. Пацярпелая ў міліцыю не звярталася, паколькі баялася зламысніка. Раней мужчына меў праблемы з законам, прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, у тым ліку за спробу згвалтавання і гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару.