У Пінску жанчына здзекавалася з хлопчыка, якога ўтрымлівала ў сваёй кватэры
Здымак з архіву. Фота: Fotolia
У Пінску жанчына здзекавалася з 8-гадовага хлопчыка, якога ўтрымлівала ў сваёй кватэры. Здарэнне адбылося пасля 13-й гадзіны 15 траўня 2017-га. Хлопчык з сябрам ішоў у гімназію. Па дарозе яны вырашылі зайсці да агульнага знаёмага, і ў пад’ездзе дома школьніка схапіла невядомая жанчына. Яго сябар паведаміў пра здарэнне бацькам пацярпелага, а яны звярнуліся ў міліцыю.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, 34-гадовая жанчына, якая нідзе не працуе, утрымлівала хлопчыка на працягу 30 хвілін. Пры гэтым яна яму пагражала, нанесла некалькі ўдараў нажом у розныя часткі цела. Вучня 3-га класа вызваліла міліцыя. Яму аказалі меддапамогу ў бальніцы і адпусцілі дахаты.
У адносінах жыхаркі Пінска распачалі крымінальную справу, артыкул — “незаконнае пазбаўленне волі, якое суправаджалася пакутамі” (ч. 2 арт. 183 КК). Жанчына знаходзіцца пад вартай, ёй выставілі абвінавачанне. Магчыма, будзе праведзена комплексная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.