У Слуцку п'яны малады чалавек запусціў цаглінай у акно пракуратуры
Фота: sudexpert.gov.by
28 траўня пасля паўночы ў адным з адміністратыўных будынкаў Слуцка спрацавала сігналізацыя. Міліцыянты, якія прыбылі на месца здарэння, нікога не выявілі. Але высветлілася, што адно з вокнаў было пашкоджанае, паведамляе сайт УУС Мінаблвыканкама.
Праваахоўнікі знайшлі кавалак цэглы, якім невядомы разбіў шыбу, а таксама пераканаліся, што з будынка нічога не скрадзена.
Слуцкае выданне "Інфа-кур'ер" удакладняе, што пад "адміністратыўным будынкам" (як гэта сарамяжліва назвалі міліцыянты) меўся на ўвазе будынак Слуцкай пракуратуры.
Міліцыянты вывучылі запісы з з гарадскіх камераў відэаназірання і знайшлі падазронага. Па словах начальніка крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС Станіслава Чухольскага, гэта быў 23-гадовы мясцовы жыхар. Малады чалавек адразу ж прызнаўся ў хуліганскім учынку.
Як выявілася, напярэдадні ён выпіваў з сябрамі і засядзеўся да позняга вечара. Потым хлопец вырашыў прагуляцца і, праходзячы міма пракуратуры, кінуў у шыбу падабраным кавалкам цэглы.
Сам зламыснік ва ўсім вінаваціць алкаголь, бо ніякіх крыўдаў і прэтэнзій да пракуратуры ён не меў. Аднак на случака ўсё адно пачалі крымінальную справу за хуліганства. Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.