За выбух на Скідзельскім камбінаце затрымалі трох чалавек

Фота: Следчы камітэт
Па справе аб выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце пад варту ўзялі трох службовых асобаў. Пра гэта паведаміў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч. З нагоды самога выбуху Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце халатнасці.
"Падчас расследавання затрыманыя і заключаныя пад варту тры службовыя асобы: начальнік цэха, дзе адбыўся выбух, і яго намеснік, а таксама галоўны інжынер прадпрыемства. У нас ёсць дастаткова даных для таго, каб выставіць ім канчатковае абвінавачванне", — цытуе БЕЛТА словы Наскевіча.
Канчатковае абвінавачанне затрыманым выставяць пасля таго, як будуць завершаныя ўсе неабходныя экспертызы.
Як паведамлялася раней, выбух пылапаветранай сумесі на прадпрыемстве адбыўся ўначы 25 лютага. У выніку чатыры работніцы прадпрыемства загінулі.