На пажары ў Шуміліне выратавалі трох чалавек, у тым ліку 6-гадовае дзіця
Фота: МНС
Трох чалавек выратавалі супрацоўнікі МНС на пажары, які адбыўся 1 траўня ў пяціпавярховым інтэрнаце ў гарадскім пасёлку Шуміліна Віцебскай вобласці.
Паведамленне пра надзвычайную сітуацыю ратавальнікі атрымалі каля 12-й гадзіны дня. На месцы здарэння супрацоўнікі МНС пабачылі, што гарыць калідор пакоя, а першы паверх задымлены.
З інтэрната работнікі МНС выратавалі пенсіянерку і 6-гадовае дзіця з маці. Лекары "хуткай" агледзелі іх і вырашылі, што шпіталізацыя ім не патрэбная.
60-гадовая гаспадыня пакоя, дзе адбыўся пажар, на момант яго ўзнікнення была ў ванным пакоі. Яна пакінула месца пажару самастойна, пры здарэнні не пацярпела.
З інтэрната эвакуявалі 35 чалавек, у іх ліку — 13 дзяцей.
Пажар быў лакалізаваны і ліквідаваны. Агонь знішчыў маёмасць у калідоры, пашкодзіў уваходныя дзверы.
Мяркуецца, што прычынай здарэння стала кароткае замыканне электраправодкі.