Слонімскага скульптара Богдана і яго жонку забіў унук
Фота: sb.by
У Слоніме 30 красавіка адбылося двайное забойства, якое расследуе Следчы камітэт. загінулыя — 64-гадовы скульптар Леанід Богдан і яго 61-гадовая жонка.
У каментары БЕЛТА афіцыйны прадстаўнік упраўлення СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч паведаміў, што ў забойстве падазраецца іх унук. Маладога чалавека затрымалі, следства высвятляе ўсе акалічнасці справы.
Вядома, што хлопец жыў не ў бацькоў, а з дзедам і бабуляй. Як удакладняе "Советская Белоруссия", яны выхоўвалі дзіця з трохгадовага ўзросту, бо тата займаецца бізнэсам у Мінску, а мама з'ехала на пастаяннае месца жыхарства ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты — там у яе новая сям'я.
Паводле інфрмацыі следства, падлетак запаліў у сваім пакоі электронную цыгарэту. Сваякі падумалі, што гэта наркотык і зрабілі заўвагу. Падлетак абурыўся і некалькі разоў стукнуў бабулю нажом і металічным шуфлікам, ад чаго яна загінула. Дзед, якога унук таксама параніў, маліў пашкадаваць яго. Аднак хлопец збегаў у гараж па сякеру і забіў яго.
Потым ён пайшоў у слонімскі Свята-Траецкі сабор, дзе заявіў настаяцелю храма айцу Дзмітрыю, што на іх дом учынілі налёт невядомыя ў масках з прарэзамі для вачэй. Святар паведаміў у міліцыю, якая абвергла версію падлетка і затрымала яго.
Аднакласнікі кажуць пра затрыманага падлетка станоўча. Аляксандр добра вучыўся, прыкладна сябе паводзіў, займаўся бодыбілдынгам.
Яго забіты дзед, скульптар Леанід Богдан, бясплатна падарыў роднаму гораду дзясяткі сваіх твораў, у тым ліку бюсты Міхала Агінскага, Адама Міцкевіча, Францішка Скарыны.