Чаму ў Гродне цяжка ўстанавіць шлагбаум?

Источник материала:  
26.04.2017 11:36 — Разное

Шлагбаумы ў дварах — тэма ў Гродне надта непапулярная. Гаварыць аб гэтым не хочуць як ведамствы, так і члены таварыстваў уласнікаў дамоў. Пры гэтым інфармацыя з розных крыніц супярэчлівая. Карэспандэнт «Звязды» паспрабавала разабрацца, чаму гэтая тэма амаль што засакрэчана.


Паркоўка — не ўласнасць!

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва гарвыканкама растлумачылі, што нарматыўнымі дакументамі не прадугледжана ўстаноўка агароджы ў жылых шматпавярховых забудовах. Двор — гэта месца агульнага карыстання, а не ўласнасць жыхароў. Таму і паркавацца можа любы, хто пажадае. Іншая справа — дамы павышанай камфортнасці. Там уласная паркоўка ўваходзіць у кошт кватэры, таму і аўта-месца замацавана за ўласнікам кватэры, што называецца, навечна. У астатніх выпадках трэба пераглядаць праектную дакументацыю.

І ўсе ж адасобіць свой двор ад «залётных» аўто рэальна. Напрыклад, калі гэта тупіковы двор, дзе няма скразнога праезду. Альбо не хапае парковачных месцаў для жыхароў дома.

Кожны канкрэтны выпадак разглядаецца індывідуальна. Каб атрымаць дазвол, трэба сабраць подпісы ўсіх жыхароў. Затым заказаць праектную дакументацыю, узгадніць устаноўку з Дзяржаўтаінспекцыяй, МНС, службай «хуткай дапамогі», жыллёва-камунальнай гаспадаркай, «архітэктурай». І толькі пасля 7−8 інстанцый можна атрымаць дазвол на ўстаноўку.

Тэрыторыя падазронасці

На прадпрыемстве «Спецаўтагаспадарка» горада Гродна назвалі два дамы, дзе ўстаноўлены шлагбаумы.

Накіроўваюся на вуліцу Рагачэўскага, што на ўскрайку горада. Дом са шлагбаумам — самы крайні, за ім пачынаецца лясны масіў. Панэльная высотка выглядае новай і акуратнай, а двор з дзіцячай пляцоўкай — дагледжаным. На зялёным газоне высаджана дэкаратыўнае кустоўе, дом забяспечаны сістэмай відэаназірання.

Падумала — вось ён, плюс адасобленага пражывання. Паўсюдна чысціня і парадак, на паркоўцы ў абед усяго некалькі машын. Падлічыўшы, вызначыла, што на 104 кватэры прыходзіцца каля 70 парковачных месцаў. А значыць, праблем з паркоўкай няма. Аб гэтым мяркавала пачуць ад саміх жыхароў, але атрымалася наадварот: з пад’езда выйшла жанчына, якая запатрабавала тэрмінова пакінуць тэрыторыю прыватнага двара, маўляў жыхары занепакоены ўвагай да іх дома.

Неахвотна ішлі на кантакт з карэспандэнтам і ў доме па вуліцы Дзяржынскага. Дарэчы, гэты будынак, дзе ўстаноўлены шлагбаум, адзін з самых высотных у горадзе. Засяляцца жыхары пачалі гады два назад, адразу ж вырашылі заняцца агароджай. Як паведаміла старшыня таварыства, за ўстаноўку шлагбаума прагаласавалі ўсе. Але тыя, у каго няма машыны, грошай не здавалі. Збор з адной кватэры склаў 150 рублёў.

Мяркуючы па ўсім, гэты працэс вельмі нервовы для жыхароў. Асабліва калі ўлічыць, што ім могуць адмовіць у самы апошні момант.

Бар’ер — не загана

У аддзеле па зваротах грамадзян гарвыканкама між тым адзначылі, што колькаць ахвотных устанавіць шлагбаумы расце. Звяртаюцца таварыствы ўласнікаў дамоў па вуліцах Паўднёвай, Брыкеля, Дзяржынскага, Шчорса, Малышчынскай. Да ўстаноўкі шлагбаумаў мясцовыя ўлады ставяцца насцярожана. Аб гэтым сведчыць і супярэчлівасць інфармацыі.

Напрыклад, у аддзеле архітэктуры паведамілі толькі пра адзін шлагбаум, хоць іх аказалася два. А ў некаторых ведамствах, якія ўзгадняюць устаноўку, наогул не ведаюць аб іх існаванні. Па адных звестках, таварыства ўласнікаў атрымала адмову, па іншых — працэс узгаднення працягваецца.

А між іншым, відавочныя станоўчыя факты — дворыкі, дзе стаяць шлагбаумы, акуратныя, дзіцячыя пляцоўкі пафарбаваныя, смецце не валяецца, паркоўка не забіта пад завязку. Службы, якім неабходна праехаць, карыстаюцца спецыяльными GSМ-модулямі, якія дазваляюць адчыніць шлагбаум пры дапамозе мабільнага тэлефона.

Начальнік участка прадпрыемства «Спецаўтагаспадарка» Дзмітрый Гарузка не бачыць праблем з пад’ездам тэхнікі. На яго погляд, справа ў іншым — цяжка атрымаць дазвол на ўстаноўку шлагбаума. Дзмітрый Гарузка прыводзіць прыклад сталіцы, дзе гэтая працэдура спрошчаная. У Гродне пакуль сітуацыя дваістая. З аднаго боку — можна, з другога — нельга. А пры такім раскладзе ўсё залежыць ад рашэння мясцовых улад.

Вольга Барэйка, галоўны спецыяліст упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва:

— У гістарычным цэнтры горада сапраўды трэба было б абмежаваць доступ аўтамабіляў, але закон не дазваляе гэта зрабіць, бо тэрыторыя нават старых дворыкаў не з’яўляецца ўласнасцю жыхароў, і няма такога закона, які б забараніў заехаць сюды любому аўтамабілю. Для паляпшэння сітуацыі гарадскія вуліцы дубліруюць дарогі, дзе размяшчаюцца парковачныя месцы. У горадзе нямала платных аўтастаянак, працуе паркінг. А ў дварах месцы не платныя, чаму іх можна прысвойваць?

←92-гадовы кіроўца на пешаходным пераходзе ў Мінску збіў пенсіянерку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика