У Баранавіцкім і Смалявіцкім раёнах здарыліся пажары ў цялятніках (фота)
Фота: mchs.gov.by
У Баранавіцкім і Смалявіцкім раёнах здарыліся пажары ў цялятніках. У абодвух выпадках цялят і кароў удалося своечасова эвакуяваць.
Як інфармуе прэс-служба МНС Брэсцкай вобласці, увечары 21 красавіка загарэўся дах цялятніка ў вёсцы Падстарынне. 68 кароў эвакуявалі, яны не пацярпелі. Агонь паспеў пашкодзіць дах на плошчы 60 квадратных метраў. Прычына ўзгарання пакуль невядомая. Мяркуецца, што адбылося неасцярожнае абыходжанне з агнём невядомай асобы, альбо парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання.
За некалькі гадзін да гэтага здарэння ў вёсцы Курганне Смалявіцкага раёна на тэрыторыі мясцовай гаспадаркі загарэўся драўляны навес, прыбудова да цаглянага будынка цялятніка. Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў работнікі гаспадаркі вывелі 86 цялят, яны не пацярпелі. Агонь пашкодзіў 50 квадратных метраў сцен навесу і знішчыў 70 квадратных метраў шыфернага даху. Прычына ўзгарання пакуль невядомая, інфармуе прэс-служба МНС Мінскай вобласці.