Малады чалавек раскурочыў за ноч 14 машын у Мінскім раёне

Фота: uvd-mo.gov.by
Адразу 14 аўтамабіляў сталі ахвярамі хуліганскага ўчынку ў аграгарадку Сеніца Мінскага раёна.
Здарэнне адбылося ў ноч на суботу, 15 красавіка, паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама. Зранку 14 чалавек звярнуліся з заявамі ў міліцыю.
Як выявілася, усе аўтамабілі пацярпелі ад 22-гадовага мясцовага жыхара. Па словах начальніка крымінальнага вышуку Мачулішчанскага аддзела міліцыі Георгія Мухі, хлопец напярэдадні выпіў і захацеў пазабавіцца. "На бліжэйшай стаянцы хлопец пачаў біць шыбы і люстэркі ў аўтамабілях, скакаць на капотах і дахах транспартных сродкаў. Супакоіўся толькі пасля таго, як раскурочыў 14 машын", — распавёў следчы.
Затрымалі падазраванага праз некалькі дзён. На яго пачалі крымінальную справу за хуліганства. Маладому чалавеку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму давядзецца кампенсаваць шкоду пацярпелым.