У Віцебску міліцэйскі УАЗ сутыкнуўся з маршруткай (відэа)
Фота: "Народныя навіны Віцебска"
У Віцебску міліцэйскі УАЗ сутыкнуўся з маршруткай. Гэта адбылося 15 красавіка ў 18.45. Здарэнне трапіла на камеру відэаназірання, паведамляюць “Народныя навіны Віцебска”. Машыны сутыкнуліся на скрыжаванні вуліц Чкалава і Воінаў-інтэрнацыяналістаў, у выніку чаго маршрутка перакулілася, сярод пасажыраў былі дзеці.
Патрульнае аўто ехала па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў з боку касцёла і на перакрыжаванні з вуліцай Чкалава ўрэзалася ў маршрутнае таксі №17, якое накіроўвалася ў бок Маскоўскага праспекта. Мікрааўтобус, у выніку ўдару міліцэйскім УАЗам, перакуліўся на бок.
У маршрутцы пацярпелі як мінімум чатыры чалавекі.
Усяго ў маршрутцы, паводле інфармацыі МНС, ехала 7 пасажыраў і кіроўца, сярод іх — двое дзяцей. Усіх пасажыраў мікрааўтобуса даставілі ў лякарню, дакладна вядома, што кіроўца маршрутнага таксі і пасажыры аўтамабіля УАЗ не пацярпелі.