У Жыткавічах даішнікі спынялі парушальніка з дапамогай зброі і "аўташчыта"
Фота: uvd.gomel.by
Незвычайнай выдалася суботняя ноч 8 красавіка для супрацоўнікаў ДАІ Жыткавіцкага раёна, паведамляе сайт Гомельскай міліцыі.
Прыкладна ў 01.05 інспектары ДАІ пабачылі аўтамабіль "БМВ" з расійскімі нумарамі, які рухаўся з боку крамы "Садко", якая знаходзіцца ў аграгарадку Кольна Жыткавіцкага раёна. Міліцыянты вырашылі праверыць дакументы ў кіроўцы, а таксама яго фізічны стан. Але той на сігнал жазлом не адрэагаваў, а нааварот — павялічыў хуткасць і паспрабаваў уцячы.
Даішнікі кінуліся ў пагоню з уключанымі пробліскавымі маячкамі і гукавой сігналізацыяй. Яны праз гукаўзмацняльнік патрабавалі, каб кіроўца "БМВ" спыніўся, аднак ён працягваў уцякаць. Не спыніла яго нават пагроза выкарыстання зброі.
Калі ўцякач паехаў у напрамку Коленскага цэнтра культуры і вольнага часу, дзе ў гэты час праходзіла дыскатэка, міліцыянты вырашылі выкарыстаць зброю. Таксама яны папрасілі дапамогі ў калег. Паведамляецца, што яны асцерагаліся, што ад дзеянняў парушальніка могуць пацярпець пабочныя людзі з дыскатэкі.
Міліцыянты, якія прыйшлі на дапамогу, перакрылі дарогу службовымі аўтамабілямі і зрабілі некалькі стрэлаў з табельнай зброі. Але і гэта не спыніла парушальніка. Вырываючыся з "блакады", ён ледзь не наехаў на міліцыянта.
У гэтую момант адзін з даішнікаў прастрэліў левае пярэдняе кола "БМВ". Тым не менш, кіроўца ўсё яшчэ спрабаваў працягнуць рух. Каб спыніць яго, міліцыянты пісталетам разбілі лабавую шыбу. Толькі пасля гэтага аўтамабіль спыніўся. Але кіроўца не выходзіў з аўто. Затрымаць яго ўдалося, толькі разбіўшы шыбу дзверы кіроўцы і адкрыўшы аўтамабіль знутры. У парушальніка ўзялі аналізы на наяўнасць алкаголю альбо наркатычных рэчываў у крыві.
Затрыманым апынуўся 20-гадовы жыхар Жыткавічаў. За два гады хлопец 43 разы прыцягваўся да адказнасці за парушэнне Правілаў дарожнага руху. І, дарэчы, ён быў пазбаўлены права кіравання за перавышэнне хуткаснага рэжыму. Гэты тэрмін скончыўся толькі 8 красавіка 2017 года.
На парушальніка склалі пяць пратаколаў. Таксама на яго пачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Хлопца ўзялі пад варту.
Дарэчы, само аўто належыць грамадзяніну Расіі — сябру гора-ліхача. Цяпер "БМВ" знаходзіцца на штрафстаянцы.