Кінафестываль "Паўночнае ззянне" прапануе 14 стужак з краін Паўночнай Еўропы і Балтыі
Трэці кінафестываль «Паўночнае ззянне» адбудзецца ўжо ў гэтым месяцы і прапануе гледачам пашыраную праграму стужак з краін Паўночнай Еўропы і Балтыі. Агулам фестываль прадставіць 14 стужак з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі. Упершыню на фестывалі будуць прадстаўленыя фільмы з Літвы, Латвіі і Эстоніі. Менавіта таму пашыраная дэфініцыя фестывалю змянілася — цяпер «Паўночнае ззянне» афіцыйна фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін.
Таксама ўпершыню ў праграме фестывалю будуць прадстаўленыя два дакументальныя фільмы. Галоўнымі пляцоўкамі цягам 7 дзён фестывалю стануць кінатэатры «Мір» у Мінску і Віцебску.
Сярод цікавостак праграмы 2017 — эстонскі дакументальны фільм «Мурашнік» пра гаражы ў Талінcкім раёне Ласнямяэ, які з’яўляецца пабрацімам Партызанскага раёну ў Мінску; гульнявы фільм «Нарвежскі дамок» — адзін з самых касавых фільмаў у нарвежскім пракаце апошніх гадоў; дакументальны фільм «Усім відовішчам відовішча», музыку для якога пісалі гіг анты ісландскай музычнай сцэны — Sigur Ros; «У крыві» — рэжысёрскі дэбют Расмуса Хэйстерберга — аднаго з сцэнарыстаў «Дзяўчыны з татуіроўкай дракона»; эстонскі намінант на «Оскар» фільм «Маці». І яшчэ шмат цікавага.
Акрамя паказаў у рамках фестывалю адбудзецца шмат дадатковых мерапрыемстваў: майстар-класаў кінематаграфістаў, кінакрытыкаў і, нават, дызайнераў. Свой варкшоп у межах фествалю правядзе фінскі прадзюсар Каарле Ахо, намінаваны на Оскар за найлепшы фільм на замежнай мове; расійскі кінакрытык, спецыяліст па скандынаўскім кіно Антон Долін; рэжысёр, прадзюсар, музыка і адзін з самых паспяховых рэстаратараў у Осла — Ян Вардзёен, а таксама прадзюсар самай любімай фестывалямі ісландскай драмы «Каменнаяе сэрца» — Антон Мані Свансан.
Таксама сёлета паспрабуюць раскрыць таямніцы поспеху скандынаўскага мадэрну і яго уплыву на брэнд Скандынавіі разам з магістрам крэатыўных і медыя індустрый Дар’яй Яфімавай.
Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбудзецца 20 красавіка ў кінатэатры «Мір» (Мінск, вул. Казлова 4А). Разам з партнёрамі фестывалю авіакампаніяй AirBaltic, «Паўночнае ззянне» дае сваем аматарам магчымасць пазнаеміцца бліжэй з новымі краінамі фестывалю. Спецыяльна для фестывалю кампанія AirBaltic і «Паўночнае ззянне» разыграе два квіткі ў напрамку Мінск-Рыга-Мінск і два квіткі на афіцыйнае адкрыццё фестывалю.
Слоган сёлетняга фестывалю — «Сусвет унутры» / Universe inside. 14 стужак «Паўночнага ззяння» распавядуць пра ўнутраныя навальніцы і спакой, сяброўства і каханне, няўпэўненасць, павагу, адказнасць, сталенне. Словам, тое, што робіць нас індывідуальнасцямі і стварае унутранае святло, якое прыцягвае нас адно да аднаго. Трэці фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — гэта цэлы сусвет унутры кампактнага кінафестывалю.