У Гомелі супрацоўніца банка завалодала $50 тысячамі з рахунку в'етнамца
Здымк з архіву. Фота: АР
У Гомелі супрацоўніца банка завалодала больш за 50 тысячамі долараў з рахунку грамадзяніна В'етнама. Яна працавала на пасадзе вядучага спецыяліста аддзела рознічнага бізнесу. Як паведаміла БЕЛТА афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, незаконныя аперацыі жанчына праводзіла ў 2015-2016 гадах. Яна адкрыла банкаўскі рахунак на імя сваёй знаёмай і перавяла на яго больш за 30 тысяч долараў з рахунку в'етнамца, а пасля арганізавала іх атрыманне ў касе банку.
Праз некалькі месяцаў супрацоўніца банка адкрыла яшчэ некалькі рахункаў, ужо на імя іншага знаёмага. На іх было пераведзена больш за 20 тысяч долараў, зноў жа з рахунку в'етнамца. Грошы пасля здымаліся жанчынай ў розных банкаматах. Пазней былі незаконна пераведзены яшчэ 3 тысячы долараў з рахунку грамадзяніна В'етнама на рахунак знаёмай.
Супрацоўніца банка неаднаразова падрабляла подпісы кліентаў і банкаўскіх работнікаў. У адносінах жанчыны, 1961 года нараджэння, распачалі крымінальную справу адразу па двух артыкулах. Яна, дарэчы, прадала дом, каб часткова разлічыцца за нанесеныя страты. Крымінальную справу ўжо перадалі ў суд.