Памерла яшчэ адна пацярпелая падчас выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце
Фота: Fotolia
Памерла яшчэ адна пацярпелая падчас выбуху на Скідзельскім цукровым камбінаце, паведамляе БЕЛТА. 51-гадовая жанчына з 25 лютага знаходзілася ў мінскай Бальніцы хуткай меддапамогі.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне на Скідзельскім цукровым камбінаце адбылося ў ноч з 24 на 25 лютага. Пры ўспышцы пылапаветранай сумесі сур'ёзна пацярпелі пяць работніц. Ва ўсіх з іх апёкі цела — ад 50% і вышэй, а таксама баратраўмы. Дзве жанчыны знаходзіліся ў рэанімацыі Гродзенскай лякарні. 43-гадовая жанчына памерла там у ноч з 3 на 4 сакавіка. Трох жанчын пасля здарэння перавезлі ў Мінск у рэанімацыйнае аддзяленне Рэспубліканскага апёкавага цэнтру.
Следчы камітэт расследуе крымінальную справу па факце службовай халатнасці на цукровым камбінаце, якая па неасцярожнасці пацягнула за сабой цяжкія наступствы. На здымках — на прадпрыемстве пасля здарэння.