У Мінскай вобласці ДАІ двойчы ладзіла пагоню са стральбой за п’янымі кіроўцамі
Фота мае ілюстратыўны характар
Супрацоўнікі ДАІ Мінскай вобласці ў апошнія дні двойчы ладзілі пагоню са стральбой за п’янымі кіроўцамі. Першы інцыдэнт адбыўся 2 сакавіка прыблізна 19.20 на аўтадарозе каля вёскі Гольчыцы Слуцкага раёна. Увагу інспектараў ДАІ прыцягнуў аўтамабіль "Таёта Кэмры", які рухаўся з выключанымі фарамі і без пярэдняга рэгістрацыйнага знака. На сігналы аб спыненні кіроўца адрэагаваў тым, што кінуўся наўцёкі, пасля чаго давялося зладзіць пагоню. Новыя загады спыніцца шафёр таксама праігнараваў, нават калі пачуў стрэлы ў паветра. У выніку на яго машыне прастрэлілі два колы, пасля чаго аўто праехала яшчэ амаль кіламетр на дысках без гумы.
Кіроўца — мужчына 1975 года нараджэння ў стане моцнага алкагольнага ап’янення (3,2 праміле). Правоў пры сабе ён не меў. З 2008 года ён чатыры разы пападаўся на п’янай яздзе, апошні раз — у 2015 годзе. На парушальніка склалі 8 адміністратыўных пратаколаў.
Другі выпадак прымянення табельнай зброі зафіксаваны ў Мінскай вобласці 3 сакавіка. У 14.35 у Стаўбцоўскі РАУС звярнуўся 52-гадовы мясцовы жыхар і паведаміў аб тым, што ў вёсцы Мікалаеўшчына невядомы скраў у яго аўтамабіль “Опель Астра”. Машыну хутка знайшлі непадалёк ад вёскі, але аўтамабільны злодзей не хацеў здавацца і таксама праігнараваў патрабаванні спыніцца. Па колах машыны таксама давялося страляць
За рулём апынуўся п’яны 23-гадовы хлопец, раней судзімы за крадзеж транспартных сродкаў. На яго завялі крымінальную справу. Зламысніка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу Мінскай абласной ДАІ.