Хлопец з пнеўматычным пісталетам заняўся "выхаваннем" маці сябра і яе сужыцеля
Фота: goldguns.ru
18-гадовы хлопец ўварваўся ў масцы і з пнеўматычным пісталетам маркі "Gletcher" у кватэру жыхароў Вілейкі. Праўда, як паведамляе УУС Мінаблвыканкама, ні рабавання, ні забойства не было.
Хлопец пагражаў пісталетам 39-гадовай гаспадыні і яе знаёмай, якая была ў кватэры, а таксама стукнуў 36-гадовага сужыцеля гаспадыні.
Як удакладняе БЕЛТА, перад гэтым юнак з Вілейкі паскардзіўся свайму прыяцелю на маці і яе сужыцеля. Той вырашыў завітаць у кватэру з пнеўматычным пісталетам і правесці "выхаваўчую гутарку". Сваю задуму ён ажыццявіў 28 лютага.
Пасля скаргі пацярпелых праваахоўнікі хутка затрымалі нападніка. Малады чалавек прызнаўся ў зробленым. У яго доме знайшлі маску і пісталет. На яго пачалі крымінальную справу за асабліва злоснае хуліганства.