Ад сутыкнення малакавоза з "Сітраенам" загінуў чалавек, яшчэ тры — у шпіталі
Фота СК Віцебскай вобласці
Зранку 24 лютага ў Лепельскім раёне Віцебшчыны адбылося ДТЗ са смяротным вынікам.
Каля аграгарадка Старое Лядна малакавоз сутыкнуўся з аўтамабілем "Сітраен", перадае БЕЛТА. За рулём малакавоўа ГАЗ-53 быў 29-гадовы кіроўца, аўтамабілем "Сітраен Ксара" кіраваў 35-гадовы мужчына. У легкавым аўто пасажырамі ехала 33-гадовая жонка кіроўцы і дзве дзяўчынкі — васьмі і шасці гадоў (адна з іх дачка кіроўцы).
Па словах начальніка аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Казючыца, пры сутыкненні аўто кіроўца "Сітраена" загінуў.
Трое пасажыраў яго аўто атрымалі чэрапна-мазгавыя траўмы і былі дастаўленыя ў Лепельскую цэнтральную раённую лякарню, паведаміла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава. У васьмігадовай дзяўчынкі медыкі дыягнаставалі закрытыя пераломы кісці і тазасцегнавага сустава, у жанчыны — множныя пераломы канечнасцяў. Кіроўца грузавога аўтамабіля пры ДТЗ не пацярпеў.
На месца здарэння працуюць следчыя Лепельскага райаддзела Следчага камітэта. Праваахоўнікі просяць відавочцаў паведаміць па тэлефонах: 8 (02132) 4 16 75, 8 (033) 399 80 30.