На мяжы службовая аўчарка памежнікаў напала на дзіця

Фота: smolnarod.ru
Надзвычайнае здарэнне адбылося 18 лютага ў міжнародным аўтамабільным пункце пропуску "Верхні Церабяжоў". Як піша tut.by, калі сям'я з трохгадовай дзяўчынкай перасякала беларуска-ўкраінскую мяжу, службовы сабака памежнікаў напаў на дзіця. Здарэнне адбылося, калі дзяўчынка з мамай выйшлі з машыны, каб прайсці ў санітарны пакой.
У прэс-службе Памежнага камітэта пацвердзілі што службовая нямецкая аўчарка "няштатна зрэагавала" на выхад маці і дзяўчынкі з аўтамабіля.
Дзяўчынка атрымала нязначныя цялесныя пашкоджанні. Памежнікі аказалі першую дапамогу, выклікалі брыгаду хуткай дапамогі. Сям'і пацярпелай дзяўчынкі яны прынеслі афіцыйныя прабачэнні, а таксама аказваюць далейшую дапамогу, заявілі ў прэс-службе. Абставіны і ўмовы здарэння, а таксама прычыны, якія выклікалі няштатныя паводзіны службовага сабакі, высвятляюцца ў рамках прызначанай праверкі.
Дзяўчынку агледзелі ў цэнтральнай гарадской лякарні Століна і адправілі дадому. Яе жыццю і здароўю нічога не пагражае, заявіў галоўны лекар Пётр Пашкевіч.