Мінчанін можа атрымаць тры гады калоніі за танец на чужым аўто
Фота: youtube.com
Танцы на капоце чужога аўто могуць скончыцца для мінчаніна 3-гадовым тэрмінам у калоніі. Крымінальную справу па факце гэтай выхадкі распачалі супрацоўнікі Савецкага РУУС сталіцы.
Як паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, міліцыя атрымала заяву ад 29-гадовага мужчыны, аўтамабіль якога быў пашкоджаны, пакуль стаяў на паркоўцы. Стаянка знаходзілася каля більярднага клуба на вуліцы Сурганава. Гаспадар пакінуў там машыну на ноч і пайшоў дадому.
У той час у клубе адпачывала кампанія маладых хлопцаў, якія пазнаёміліся там з дзяўчатамі. Пад раніцу яны праводзілі сваіх дам да таксоўкі і збіраліся дадому, аднак адзін з маладзёнаў вырашыў затрымацца каля прыпаркаванага аўтамабіля і паскакаць на ім.
Міліцыя знайшла дзяўчат, з якімі пазнаёміліся хлопцы, а праз іх высветліла асобу хулігана. Гэта беспрацоўны малады мужчына, якога маюць прыцягнуць да адказнасці паводле ч.1 арт.339 КК (хуліганства).