У Брэсце затрымалі п'янага кіроўцу, які перавозіў двух малалетніх дзяцей
Фота: gaibrest.by
Брэстаўчаніну, які трапіўся за рулём п'яным, пагражае канфіскацыя аўто.
Як паведамляе сайт Брэсцкай абласной ДАІ, здарэнне адбылося ўвечары 16 лютага. Відавочцы паведамілі даішнікам, што па вуліцы Суворава едзе "Аўдзі 100", за рулём, якой, верагодна, нецвярозы кіроўца.
На патрабаванне супрацоўнікаў ДАІ кіроўца адразу спыніўся. Выявілася, што 31-гадовы мужчына вёз цешчу на чыгуначную станцыю "Брэст-Паўднёвы", каб пасадзіць на цягнік. У аўтамабілі таксама былі жонка кіроўцы і двое малалетніх дзяцей, прычым адно з іх перавозілі без спецыяльнага дзіцячага прыстасавання.
Брэстаўчанін прызнаўся інспектарам, што напярэдадні выпіў 250 грамаў моцнага спіртнога. Медагляд пацвердзіў, што ў яго назіралася 1,4 праміле алкаголю.
На кіроўцу склалі адміністратыўныя пратаколы, а машыну забралі на штрафстаянку. Брэстаўчаніну пагражае таксама крымінальная адказнасць і канфіскацыя аўтамабіля, бо п'яным за рулём ён трапляецца ўжо другі раз на працягу года. Агулам жа за ўвесь свой стаж кіроўцы ён пяць разоў трапляўся п'яным за рулём.