Аўтааварыя ў Мінску на 50 хвілінаў паралізавала рух трамваяў
Фота: ДАІ Мінска
У Мінску зранку 10 лютага з-за ДТЗ былі цяжкасці ў руху трамваяў, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.
Аўтааварыя здарылася на скрыжаванні Старавіленскага тракта і вуліцы Арлоўскай, распавяла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС сталіцы Анастасія Радзько. 35-гадовы кіроўца мікрааўтобуса Volkswagen Transporter ехаў па Арлоўскай з боку праспекта Пераможцаў у напрамку плошчы Бангалор. На скрыжаванні са Старавіленскім трактам ён праскочыў на забараняльны сігнал светлафора і ўрэзаўся ў аўтамабіль Honda, за рулём якога была 61-гадовая жанчына. Яе аўтамабіль у гэты момант рабіў левы паварот з вуліцы Арлоўскай на Старавіленскі тракт.
Пацярпелых пры здарэнні не было.
Аднак паколькі аварыя здарылася на трамвайных шляхах, рух трамвайных маршрутаў №3 і №5 быў спынены з 7.50 да 8.40. Для мінчукоў быў арганізаваны часовы аўтобусны маршрут № 903 "Возера — вул.Змітрака Бядулі".