На мяжы ў беларусаў забралі газавы пісталет і штык-нож (фота)
Фота: gpk.gov.by
Супрацоўнікі Гомельскай мытні знайшлі ў пасажыра рэйсавага аўтобуса Мікалаеў — Гомель штык-нож да карабіна Маўзера ўзору 1898-1935 гадоў. Здарэнне адбылося ў пункце пропуску "Новая Гута". Штык мытнікі знайшлі ў асабістых рэчах мужчыны. Эксперт засведчыў, што прадмет з'яўляецца халоднай зброяй. Справу разгледзіць суд, інфармуе сайт gomel.customs.gov.by.
У пункце пропуску "Каменны Лог" на беларуска-літоўскай мяжы 6 лютага смаргонскія памежнікі знайшлі ў аўтамабілі Toyota газавы пісталет. Ён быў схаваны пад сядзеннем. 37-гадовы кіроўца, жыхар Мінска, сказаў, што не ведаў пра забарону правозіць такія прадметы праз мяжу нават пры наяўнасці дакументаў, якія даюць права на захоўванне і нашэнне. Мытнікі зброю забралі, праводзіцца разбіральніцтва, інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта.