На пажары ў Лепельскім раёне загінуў чалавек, яшчэ дзевяць эвакуявалі
Фота: МНС
На пажары ў вёсцы Бароўка Лепельскага раёна ў ноч на 2 лютага загінуў 37-гадовы мужчына, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС.
Ратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у 2.40: гарэла кватэра адзінокага мужчыны. Суседзі распавялі, што гаспадар рэгулярна выпіваў. Напярэдадні здарэння яго ніхто не бачыў.
У кватэры ратавальнікі выявілі моцнае задымленне. Гаспадара яны знайшлі ў пакоі на падлозе без прыкметаў жыцця. Сам пажар адбыўся ў кухні.
Ратаваьнікі эвакуявалі з дома дзевяць жыхароў з кватэраў на другім і трэцім паверхах. Пацярпелых пры гэтым не было.
Агонь пашкодзіў у кухні кватэры маёмасць, там закураныя сцены і столь. Прычына пажару высвятляецца. Мяркуецца, што агонь узнік праз неасцярожнасць пры курэнні загінулага.