У Гродне міліцыянер патрабаваў хабар з распаўсюднікаў порна ў сацсетках

Фота: Fotolia
У Гродне міліцыянер патрабаваў хабар з распаўсюднікаў порнаматэрыялаў у сацсетках. За грошы ён абяцаў не прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці. Як інфармуе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, у жніўні 2016-га ён атрымаў 250 долараў і 135 еўра ад жыхаркі Гродна, а ў верасні запатрабаваў у іншай дзяўчыны 400 долараў. Верагодна пра гэта стала вядома яго калегам (спрацавалі службы ўласнай бяспекі МУС і УУС Гродзенскага аблвыканкама). 23-гадовы мужчына паспрабаваў звольніцца з органаў унутраных спраў на ўласнае жаданне, аднак 27 верасня 2016-га быў звольнены "па адмоўных матывах".
У адносінах 24-гадовага мужчыны, які ўжо некалькі месяцаў не служыць у міліцыі, распачалі некалькі крымінальных спраў. Артыкулы — "атрыманне хабару" і "замах на атрыманне хабару". Былы міліцыянер затрыманы, ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.