П'яны кіроўца ў Брэсце пасля затрымання спрабаваў з'есці пратакол
Фота: ДАІ Брэста
Трагікамічная гісторыя адбылася ўвечары 19 студзеня ў Брэсце. Два мужчыны ехалі праз абласны цэнтр пасля п'янкі, якая ў іх была напярэдадні. Пабачыўшы масавае купанне на Вяслярным канале, мужчыны вырашылі далучыцца да адзначэння Вадохрышча і акунуцца ў ваду.
Кіроўца не асабліва турбаваўся пошукам месца для паркоўкі і пакінуў сваё аўто проста на скрыжаванні. Хістаючыся, кіроўца і пасажыр пайшлі да вады. Калі яны вярнуліся ў "Аўдзі", іх ужо пільнавалі супрацоўнікі ДАІ.
Калі машына кранулася з месца, інспектары далі знак спыніцца, аднак 42-гадовы кіроўца праігнараваў яго. Даішнікі кінуліся наўздагон. Пагоня цягнулася некалькі кіламетраў. Нарэшце ў двары аднаго з дамоў па вуліцы Мытнай аўтамабіль уцекачоў спыніўся. Пасля гэтага пасажыр і кіроўца выскачылі з машыны і з крыкамі "Гэта не я быў за рулём!" кінуліся бегчы ў розныя бакі.
Інспектары ДАІ дагналі парушальнікаў. Паведамляецца, што тыя пры затрыманні супраціўляліся міліцыянтам, таму супраць іх былі ўжытыя фізічная сіла і спецсродкі.
Падчас праверкі выявілася, што кіроўца не меў пры сабе пасведчання кіроўцы і быў нецвярозы: медагляд паказаў у яго 2,5 праміле алкаголю. Да таго ж, мужчына быў не аднойчы аштрафаваны за шматлікія парушэнні на дарозе. Да таго ж, у 2005 і 2008 гадах яго пазбаўлялі правоў за нецвярозае кіраванне аўтамабілем і пакіданне месца ДТЗ.
Падчас афармлення парушэння кіроўца схапіў пратакол, які ляжаў на стале ў інспектара, і пачаў яго есці. Як паведамляецца на сайце ДАІ Брэста, інспектары пабаяліся, што мужчына задушыцца і дасталі паперу з яго рота, а таксама прапанавалі запіць вадой. Ад гэтай прапановы ён адмовіўся.
На кіроўцу "Аўдзі" склалі тры адміністрацыйныя пратаколы. Таксама яго могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці.