У Жлобінскім раёне скрадзены аўтамабіль знайшлі ў стозе сена
Здымак з архіву.
У Жлобінскім раёне скрадзены аўтамабіль знайшлі ў стозе сена. Гэтая крымінальная гісторыя пачалася з таго, што 24-гадовы гаспадар "ВАЗ-21093" ехаў да сваіх знаёмых у вёску Прыбудак. Па дарозе легкавік зламаўся і мужчына пайшоў пешшу. У гасцях ён весела бавіў час, аж пакуль яго не знайшлі міліцыянеры — раней ён учыніў дробнае хуліганства. У выніку мужчына суткі правёў пад адміністрацыйным арыштам. А калі выйшаў на волю, сваю машыну не знайшоў ды звярнуўся ў міліцыю.
Як інфармуе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама, праваахоўнікі пайшлі па слядах — на зямлі было відаць, што машыну цягнулі ў бок невялікай вёскі. Аўтамабіль знайшоўся на падворку пенсіянерка, ён быў схаваны ў стозе сену. Гаспадар дома сам здзівіўся такой знаходцы. Паводле слоў мужчыны, да яго заязджалі пляменнік з сябрам, жыхары Жлобіна. Калі праваахоўнікі іх адшукалі, гараджане прызналіся ў здзейсненым злачынстве. У сваё апраўданне яны сказалі, што ледзь не сутыкнуліся з кінутым аўтамабілем, калі самі ехалі на легкавіку. І вырашылі пакараць яго гаспадара, схаваўшы машыну. У іх адносінах распачалі крымінальную справу.