5 студзеня ў Беларусі чакаюцца моцны вецер і снег
Фота: БЕЛТА
У Беларусі на чацвер, 5 студзеня, абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за моцнага ветру. Пра гэта БЕЛТА інфармуе са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Чакаецца воблачнае надвор'е. Сіноптыкі прагназуюць снег, ноччу ў асобных раёнах — моцны снег, завею. Па паўднёвым усходзе Беларусі магчымы слабы галалёд, на асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца.
Вецер чакаецца паўночны 5-10 метраў за секунду, уначы ў паўночна-заходніх раёнах, а днём на большай частцы тэрыторыі вецецр будзе з парывамі да 15-20 метраў за секунду.
Тэмпература паветра на працягу сутак чакаецца ў дыяпазоне -8...-15 градусаў. Найбольш цёпла будзе па паўднёвым усходзе: тут слупок тэрмометра апусціцца толькі да 1-7 градусаў ніжэй за нуль.
Як паведамлялася раней, 5 студзеня рэзка пахаладае па паўночна-заходняй частцы краіны, а 6 студзеня маразы ахопяць усю Беларусь.