Замежнага блогера сярод ночы затрымалі ў мінскім гатэлі

Источник материала:  
15.12.2016 14:20 — Разное
Замежнага блогера сярод ночы затрымалі ў мінскім гатэлі
Аляксандр Лапшын, фота з Фэйсбук

Вядомы вандроўнік і блогер з двайным расійска-ізраільскім грамадзянствам Аляксандр Лапшын прыязджае ў Беларусь 13 снежня. Спакойна праходзіць пашпартны кантроль на беларуска-літоўскай мяжы і два дні спакойна жыве ў мінскім гатэлі, сустракаецца з сябрамі. А ноччу з 14 на 15 снежня да яго ў нумар нечакана прыходзяць беларускія міліцыянеры і забіраюць у Першамайскі РУУС Мінска.

“Жэсць! Мяне толькі што арыштавала міліцыя ў Мінску па міждзяржаўным запыце з Азербайджана. Я ў Першамайскім РУУС Мінска”, ― піша блогер на сваёй старонцы ў Фэйсбуку і… знікае.

Тэлефон Аляксандра Лапшына адключаны, а кіраўнік прэс-службы сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі заяўляе, што ніякай інфармацыяй наконт затрымання замежнага блогера не валодае.

Як стала вядома Еўрарадыё, Аляксандр Лапшын яшчэ ў 2012 годзе быў унесены ў “чорны спіс” МЗС Азербайджана за тое, што неаднаразова наведваў Нагорны Карабах, не ўзгадняючы свае паездкі з афіцыйным Баку. Адпаведна, яму быў забаронены ўезд у Азербайджан. Але Лапшын з таго часу некалькі разоў усё ж наведваў гэтую краіну. Да прыкладу, у чэрвені 2016 года ён заехаў у Азербайджан з тэрыторыі Грузіі. За гэта ўлады Азербайджана абвінавацілі Лапшына ў незаконным перасячэнні мяжы.

Атрымаць хоць нейкую інфармацыю пра лёс Лапшына змагла толькі яго жонка Кацярына. З ёй пагадзіўся размаўляць начальнік Першамайскага РУУС.

“У РУУС мне заяўляюць, што ён арыштаваны таму, што ёсць нейкі запыт з Азербайджана ў базе дадзеных. Яны дасылаюць запыты ў Азербайджан, ніякіх адказаў нібыта не атрымалі. І кажуць так: “Калі не атрымаем сёння ніякага адказу, перавядзем у СІЗА”.

Прычыну перавода ў СІЗА тлумачаць яшчэ і тым, што ў пастарунку Лапшына ніхто не накорміць, а там хаця б нейкую “арыштанцкую” ежу даюць.

Няма пакуль у Аляксандра Лапшына і адваката. Не могуць нічога зрабіць для дапамогі Лапшыну і дыпламаты ― ні ізраільскія, ні расійскія. Справа ў тым, што пасольствы да гэтага часу не атрымалі афіцыйнага паведамлення аб затрыманні беларускімі праваахоўнікамі грамадзяніна іх краіны, а без такога паведамлення дыпламаты нічога не могуць пачаць рабіць.

Кацярына Лапшына задае свае пытанні: чаму, калі такі міждзяржаўны запыт ад Азербайджана ёсць, то Аляксандра Лапшына не затрымалі на мяжы падчас пашпартнага кантролю? І навошта чалавека “адпраўляць у СІЗА да крымінальнікаў?

А дзе яго яшчэ трымаць, задае сустрэчнае пытанне кіраўнік прэс-службы Генеральнай пракуратуры Беларусі Пётр Кісялёў:

“Спачатку затрымлівае міліцыя, праз некаторы час пачынаюцца ўсе гэтыя перасылкі (экстрадыцыя) і гэтак далей. Спачатку наш МУС піша ў Азербайджан, што затрыманы такі чалавек. Потым яны накіроўваюць нам, у пракуратуру, матэрыялы справы. Нашы вывучаюць і даюць заключэнне: выдаваць чалавека альбо не”.

Колькі часу гэтая ўся працэдура займае ― дакладна не вызначана. Увесь гэты час затрыманы знаходзіцца ў СІЗА.

←Посол России в Беларуси уверен, что нефтегазовые споры между странами завершатся к 20 декабря

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика