З будынка Пружанскага райвыканкама давялося эвакуяваць 96 чалавек

Фота: budni.by
З будынка Пружанскага райвыканкама эвакуявалі 96 чалавек. Прычынай стаў падазроны скрутак, які адзін з чыноўнікаў заўважыў у кантэйнеры для смецця. Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама, здарылася гэта яшчэ 8 снежня пасля 14-й гадзіны. Відавочца сказаў, што невядомы прадмет быў абматаны скотчам і нагадваў выбуховае прыстасаванне. Кіраўніцтва выканкама арганізавала эвакуацыю, людзей вывелі праз запасны выхад. На месца прыязджалі медыкі і сілавікі. Брэсцкія сапёры падчас агляду ніякай выбухоўкі не знайшлі.
Газета "Раённыя будні" піша, што работнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, які "першым забіў трывогу", за пільнасць адзначаны раённай уладай. Старшыня ўручыў яму грамату і падарунак.