Мытнікі знайшлі ў лісце $5 тысяч, якія з ЗША прыслалі беларусу на Каляды
Фота: Мінская рэгіянальная мытня.
Супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні знайшлі ў лісце, які быў дасланы з ЗША грамадзяніну Беларусі, 5 тысяч долараў — 50 банкнот наміналам 100 долараў. Пры гэтым у мытнай дэкларацыі згадваліся толькі дакументы. Долары мытнік заўважыў з дапамогай рэнтгеналагічнага сканера, пасля чаго было прынятае рашэнне аб правядзенні мытнага агляду. Долары былі загорнутыя ў фальгу і пакладзеныя ў калядную паштоўку.
Такім чынам, валюта аказалася незадэклараванай. Яе можна было легальна пераслаць толькі ў лісце з аб'яўленай каштоўнасцю. Цяпер жа яе лёс вырашыць суд, адзначае прэс-служба Мінскай рэгіянальнай мытні.
Вядома, што за 11 месяцаў 2016-га Мінскай рэгіянальнай мытняй былі зафіксаваныя 221 спроба незаконнага перамяшчэння валюты. Было знойдзена больш за 17 тысяч долараў ЗША і амаль 16 тысяч еўра.