За "зняццё сурокаў" брэстаўчанін аддаў больш за 2000 долараў
21.11.2016 17:32
—
Разное

Фота: БЕЛТА
Жыхар Брэста страціў больш за 2000 долараў праз сваю даверлівасць. Пра гэты выпадак агенцтву БЕЛТА паведаміў старшы інспектар аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама Ілля Помін.
19 лістапада ў Ленінскі РАУС Брэста звярнуўся 32-гадовы мужчына. Ён распавёў, што невядомая жанчына выдурыла ў яго вялікую суму грошай. Упершыню ён сустрэў жанчыну 7 лістапада на скрыжаванні вуліц Карбышава і Міцкевіча. Яна прапанавала брэстаўчаніну зняць сурокі і за свае паслугі папрасіла 100 рублёў.
Праз некалькі дзён, 11 лістапада, яны сустрэліся яшчэ раз. Цяпер здабычай жанчыны сталі 2000 долараў.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце махлярства. Асоба зламысніцы і абставіны здарэння высвятляюцца.