У Скідалі мужчына выхапіў у прадавачкі інкасатарскую сумку

У Скідалі Гродзенскай вобласці 29-гадовы мужчына напаў на прадавачку. Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскай вобласці, нападнік забраў у прадавачкі мех з дзённай выручкай, падрыхтаванай для інкасатараў. Здабычай нападніка стала 400 рублёў.
Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Троска распавёў, што перад нападам падазраваны на працягу дня выпіваў, а пад вечар захацеў пахмяліцца. Прыйшоўшы ў краму, зламыснік убачыў, што да яго спінай стаіць прадавачка, трымаючы ў руках мех з грашыма.
"Схапіўшы жанчыну за горла, ён вырваў мех і кінуўся прэч. Тая, у сваю чаргу, націснула на трывожную кнопку, і супрацоўнікі дэпартамента аховы, якія прыбылі на месца, непадалёк затрымалі падазраванага. Прадавачка змагла апазнаць нападніка, не зважаючы на тое, што ён нацягнуў на галаву каптур і падняў горла швэдра", — распавёў Троска.
Цяпер на нападніка пачалі крымінальную справу за рабаванне.