Лунінецкага падпальшчыка пры выбуху выкінула з восьмага паверху
Фота: kh-news.net
Трагічнае здарэнне адбылося каля 10-й гадзіны вечара ў нядзелю ў Лунінцы на Брэстчыне. Пры выбуху мужчыну выкінула з восьмага паверху, перадае БЕЛТА са спасылкай на намесніка начальніка Лунінецкага РАУС Аляксандра Якаўца.
У РАУС звярнулася жанчына, якая паскардзілася, што п'яны муж скандаліць і пагражае ёй сякерай. На месцы выкліку міліцыянты пабачылі, што мужчына ўжо зачыніўся ў пад'ездзе ў самаробнай каморы, дзе захоўваў гаручыя матэрыялы. Мужчына абліў бензінам падлогу і дзверы каморы, а потым падпаліў.
Калі праваахоўнікі спрабавалі адчыніць каморку, адбыўся выбух. Пры гэтым самога падпальшчыка выкінула ў акно з восьмага паверха. Мужчына зваліўся на брылёк над пад'ездам дома і ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.
Апёкі твару і рук атрымаў участковы міліцыянт, яго шпіталізавалі.
Тушэннем пажару займаліся супрацоўнікі МНС. Эвакуацыя жыхароў дома не спатрэбілася.
На месцы здарэння працуе аператыўна-следчая група.